СІНАПТЫ́ЧНАЯ МЕТЭАРАЛО́ГІЯ,
раздзел метэаралогіі, які вывучае атмасферныя працэсы, што вызначаюць умовы надвор ’я, а таксама іх змены для распрацоўкі прагнозу надвор’я. Даследуе буйнамаштабныя атм. працэсы (узнікненне і перамяшчэнне цыклонаў і антыцыклонаў, паветраных мас і франтоў атмасферных), якія ахопліваюць па гарызанталі сотні і тысячы кіламетраў. Аналіз атм. працэсаў праводзіцца пры дапамозе сінаптычных карт, верт. разрэзаў атмасферы, аэралагічных дыяграм. У сінаптычным аналізе выкарыстоўваюцца таксама фотаздымкі воблакаў з метэаралагічных спадарожнікаў, матэрыялы назіранняў за воблакамі, ападкамі і інш. атм. з’явамі пры дапамозе метэаралагічных радыёлакатараў. На падставе заканамернасцей, якія выяўляюцца пры вывучэнні матэрыялаў, скарыстання лічбавых метадаў прагнозу і рашэння ўраўненняў гідра- і тэрмадынамікі пры дапамозе ЭВМ, распрацоўваюцца прагнозы надвор’я.
т. 14, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)